«Прагаласаваў, бо на працы пужалі». Беларусы пра тое, як схадзілі на выбары
Прапаганда рапартуе пра тое, што на ўчасткі дайшлі 85,7% выбарцаў. «Наша Ніва» папрасіла простых беларусаў, якія хадзілі 26 студзеня на выбарчыя ўчасткі, падзяліцца сваімі ўражаннямі.
Імёны людзей зменены ў мэтах бяспекі.
Настасся галасавала ў Мінску пасля абеду. Кажа, што на ўчастку людзі былі, але не вельмі шмат.
— Памятаю, што ў 2020 годзе я каля 15 хвілін стаяла ў чарзе, каб атрымаць бюлетэнь. Тут адразу падышла і атрымала. А сама атмасфера… Нейкая бясконцая паныласць. На ўваходзе міліцыянер правяраў рэчы. Як выбіраў, каго глядзець — не зразумела. То ў мініяцюрную жаночую сумку палезе, то вялікі заплечнік праігнаруе. Назіральнікі відавочна сумавалі.
Раптам сустрэла свайго аднакласніка — ён распавёў, што ўпершыню за свае амаль 40 гадоў прыйшоў прагаласаваць, бо на працы пужалі. Кіраўніцтва сцвярджала, што ім пасля прыйдзе спіс тых, хто не дайшоў да выбараў, і будуць праблемы. Ён вырашыў не правяраць. Згадваю атмасферу 2020 года і ажно плачу.
Яшчэ адзін чытач падзяліўся, што таксама пайшоў прагаласаваць з-за страху, што ўсіх, хто не быў на ўчастку, адсочаць.
Кірыл прыйшоў на свой участак у сталіцы а дзясятай раніцы. Ён таксама адзначыў атмасферу татальнай безнадзейнасці.
— Людзей зусім не было, я на сваім аркушы быў другім, хто прыйшоў галасаваць. З цікавасці паглядзеў, што ў буфеце. Выпіўка і нейкія заветраныя салаты. Ежа ўзроўню не вельмі добрай сталоўкі.
Галіна адзначае, што ў яе выпадку ў буфеце мінскай школы ўсё было цудоўна, але ж народу не назіралася. Яна прыйшла галасаваць каля дзесяці гадзін — і больш ахвотных паўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны не назіралася. Калі яна сыходзіла, на ўчастку з'явілася яшчэ тры чалавекі.
Мінчанка Паліна дзялілася, што ў яе школе людзей у буфеце было значна больш, чым на выбарчым участку. У асноўным народ замаўляў гарэлку і мясную закуску. Побач з традыцыйнымі кексамі і пірожнымі прадавалі «святочныя» пернікі з датай выбараў.
Алег хадзіў на выбары ў райцэнтры:
— Акрамя мяне, на ўчастку было яшчэ чалавекі тры. З цікавасці зазірнуў у актавую залу. Там на сцэне ішоў канцэрт нейкай самадзейнасці. Але ж пенсіянераў, якія прыйшлі паглядзець, хапала.
Зміцер галасаваў у даволі маленькім населеным пункце:
— Галасаваў зранку ў нядзелю. Я быў адзіным выбаршчыкам у гэты час. Аддаў свой голас Гайдукевічу. Бо калі ператварылі выбары ў цырк, то на ролю галоўнага клоўна ён пасуе.
Праўладны экзітпол агучыў першыя лічбы. Лукашэнку намалявалі 87,6%
Ціханоўская: Гэта ніякія не выбары, а хутчэй «спецыяльная выбарчая аперацыя»
«Пляваць я хацеў на гэты Захад». Галасаванне Лукашэнкі пачалося з двух праколаў. А вось якія заявы ён зрабіў
Лукашэнка прыйшоў на выбары з Умкам. Той памеціў выбарчы ўчастак
Каментары
Рагаталі са ,,зьбеглых,, са ,,змагароу́,, .
Дашла чарга