Міністарка замежных спраў Германіі дэманстратыўна адмовілася фатаграфавацца з Шольцам ФОТАФАКТ
Аналена Бербак пакінула ўрадавае пасяджэнне, адмовіўшыся ад фота з канцлерам Олафам Шольцам пасля яго рашэння заблакаваць вылучэнне новага пакета дапамогі Украіне, паведамляе Bild.
На фота бачна, як Шольц спрабуе спыніць міністра, каб яна не пакінула залу, але яму не ўдалося гэта зрабіць.
Олаф Шольц трапіў пад агонь крытыкі за адмову ўхваліць выдзяленне яшчэ 3 мільярдаў еўра на вайсковую дапамогу Украіне, калі яна не будзе фінансавацца за кошт дадатковых пазык. Выступаючы па нацыянальным тэлебачанні ў пачатку гэтага тыдня, Шольц заявіў, што пагодзіцца выдзеліць сродкі толькі ў тым выпадку, калі для фінансавання будуць выпушчаныя новыя дзяржаблігацыі, а не за кошт зразання выдаткаў на сацпраграмы.
Гаворка ідзе пра пакет у дадатак да ўжо прадугледжаных у бюджэце на 2025 год 4 мільярдаў еўра дапамогі Кіеву. Сродкі павінны пайсці ў асноўным на закупку ўзбраенняў для супрацьпаветранай абароны Украіны.
Апазіцыйныя палітыкі і нават міністарка замежных спраў Аналена Бербак абвінавацілі Шольца ў перадвыбарчай агітацыі.
«Германія ў цэлым у цяперашні час не разглядаецца як рухаючая сіла мірнай палітыкі ў Еўропе, і, шчыра кажучы, гэта мяне засмучае», — сказала Бербак, якая прадстаўляе партыю «зялёных», у інтэрв'ю Politico 17 студзеня.
«Нават цяпер, падчас перадвыбарчай кампаніі, некаторыя ставяць у аснову нацыянальную перспектыву — або тое, як хутка набраць некалькі галасоў на парламенцкіх выбарах — замест таго, каб узяць на сябе рэальную адказнасць за забеспячэнне міру і свабоды ў Еўропе», — заявіла міністарка.
Каментары