Сабака любіў у зубах насіць тэлефон. Гэта прывяло да смерці гаспадыні і двух сабак
Трагедыя адбылася ў лістападзе. На месцы здарэння ратавальнікі зафіксавалі смерць 79-гадовай жанчыны і двух сабак. Прычынай смерці стаў чадны газ і тэрмічныя апёкі, паведаміў Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз.
Падчас агляду кватэры супрацоўнікі ДКСЭ выявілі фрагменты мабільнага тэлефона, якія былі адпраўлены ў лабараторыю. Паводле вынікаў пажарна-тэхнічнай экспертызы, прычынай узгарання стала кароткае замыканне ўнутры акумулятара тэлефона.
«У разгляданым выпадку прычынай кароткага замыкання мог стаць фізічны фактар — дэфармацыя батарэі, выкліканая прымяненнем знешняй сілы», — паведамілі эксперты.
Родныя загінулай жанчыны пралілі святло на некаторыя абставіны. Як паведамляецца, адзін з сабак, які загінуў у кватэры, меў звычку падымаць з падлогі пульт дыстанцыйнага кіравання альбо мабільны тэлефон, успрымаючы іх як цацку. Ён браў рэчы ў зубы і насіў па пакоі.
Гэтая звычка, разам з усімі ўстаноўленымі абставінамі і вынікамі судовай экспертызы, магла стаць прычынай паломкі ў мабільным тэлефоне, якая прывяла да пажару.
Каментары