Беларус пайшоў у суд, каб вярнуць заклад на арэнду жылля ў Польшчы
Залог на арэнду жылля (або «кауцыя») для многіх беларусаў у Польшчы — галаўны боль. Так, на жаль, некаторыя ўладальнікі кватэр не хочуць яго вяртаць.
Адзін з беларусаў гатовы ісці ў суд, каб вярнуць свае грошы. Ён падзяліўся карыснымі лайфхакамі і нават тэкстам дасудовай прэтэнзіі, піша Dzic Pic.
— Чаму я вырашыў падзяліцца сваёй гісторыяй? Каб дапамагчы беларусам, украінцам, прыезджым у Польшчы вяртаць свае грошы. Бо рускамоўная інфармацыя пра вяртанне закладу, на маю думку, не зусім карэктная.
Я жыву ў Кракаве. У Польшчы ўжо больш за тры гады, а канкрэтна гэтую кватэру мы з жонкай здымалі апошнія два гады. З’ехалі, бо купілі сваё жыллё.
Здымную кватэру знайшлі самі, без рыэлтараў. Дамову падпісалі стандартную: што гаспадар мае права ўтрымаць заклад, калі знойдзе якія-небудзь недахопы; будзе вымушаны правесці прыбіранне, рамонт і г. д. То-бок гэты пункт адпавядае закону пра абарону правоў арандатараў.
Мала хто ведае, але калі пункты дамовы здыму жылля супярэчаць закону, то ў выпадку юрыдычных цяжбаў яны будуць лічыцца несапраўднымі і не брацца пад увагу.
Таксама ў дамове было прапісана, што заклад вяртаецца на працягу 30 дзён ад моманту высялення, калі ў гаспадара адсутнічаюць якія-небудзь прэтэнзіі. Пасля я бачыў, што ў іншых дамовах могуць пазначаць нават 120 дзён на вяртанне закладу. Але тэрміны большыя за 30 дзён не маюць юрыдычнай сілы.
Пры перадачы ключоў я не падпісваў акта перадачы-прыёмкі. Але пасля на бясплатнай кансультацыі з юрыстам я даведаўся, што гэты дакумент неабавязковы. Яго могуць замяніць паказанні сведак, што ты сапраўды выселіўся з кватэры, альбо СМС або пісьмовае апавяшчэнне ўладальніку аб вяртанні ключоў, а таксама адсутнасць ад яго прэтэнзій на працягу 30 дзён (гэта важна!).
Так, мала хто ведае, але ў кожным горадзе, ужондзе ёсць бясплатная юрыдычная дапамога. Для Кракава існуе адмысловая старонка з такой інфармацыяй.
Прычым ты можаш нават паказаць, што недастаткова добра валодаеш польскай мовай, і табе падбяруць спецыяліста. Гэта не патрабуе ніякіх доказаў з вашага боку. Проста заяўляеце: «Я не магу аплачваць дапамогу, прашу аказаць яе бясплатна». Тэлефануеце, і вам даюць свабодны слот ужо сёння.
Я ўжо два разы наведваў такую кансультантку. Першы раз яна дапамагла мне скласці дасудовую прэтэнзію, другі — іскавую заяву на гаспадара. Гэта абсалютна бясплатна. Я гэта кажу, бо мала хто ведае, што падобныя бясплатныя юрысты могуць дапамагчы менавіта з вяртаннем закладу.
«Не даў аніводнага чэка. Думаю, у яго іх і няма. Толькі піша вялікія лісты, і ўсё»
— Аддаўшы гаспадару ключы, я стаў тэлефанаваць і пытацца, калі ж мне вернуць заклад, бо пры высяленні ён сказаў: «Ушыстка ў пажондку, зараз пералічаць камунальныя, і я адпраўлю вам суму».
Але ў належныя 30 дзён ён на сувязь не выйшаў. 1 студзеня, праз 30+ дзён, ён даслаў дакумент, у якім напісаў, што зрабіў пераразлік за камунальныя паслугі, і яны склалі 700 злотых (каля $172).
Паколькі сума закладу склала 3500 злотых (прыкладна $863), я разлічваў на вяртанне 2800 злотых (каля $690). Напісаў з пытаннем, калі іх чакаць. Аднак гаспадар кватэры адказаў, што пасля нас трэба было вельмі шмат рамантаваць і прыбіраць (хоць мы з жонкай заказвалі клінінг і потым самі яшчэ прыбіралі), і што ён дашле канчатковую суму пазней.
Хоць, па сутнасці, на той момант прайшло ўжо 35 дзён. А па законе, калі ўладальнік жылля не заявіў на працягу 30 дзён ад моманту высялення пра намер утрымаць з цябе грошы, то ён не мае ў далейшым ніякага права з цябе штосьці вымагаць.
Я пачаў гугліць, што можна зрабіць. Знайшоў сэрвіс kaucja365.pl, які стварылі беларусы. Паспрабаваў дадаць сваю дамову, але, як выявілася, цяпер аўтаматычная сістэма не працуе. Я напісаў ім на мэйл, і праз пару дзён яны мне выслалі шаблон прэтэнзіі. Але, калі шчыра, ён мне здаўся не зусім прафесійным. Я яго нават не выкарыстоўваў. Цікава, што яны зрабілі гэты сэрвіс. Калі хтосьці змог па іх шаблоне вярнуць грошы, то крута, але ў мяне былі пытанні.
Замест гэтага я звярнуўся да бясплатнай юрысткі ва ўжондзе, і яна дапамагла мне скласці больш прафесійнае «wezwanie do zapłaty», са спасылкамі на законы і іншае. Калі каму трэба, то файл тут.
Разам з юрысткай мы накіравалі дасудовую прэтэнзію пану. Ён ліст не забраў і пасля гэтага стаў пагражаць, што падасць на мяне сустрэчны пазоў на 10 тысяч злотых (прыкладна $2465).
Яго прэтэнзія палягае ў тым, што пры пераклейцы шпалер у адным з пакояў адпластавалася тынкоўка (гэтыя шпалеры адыходзілі ад сцяны, яшчэ калі мы ўсяліліся). І на індукцыйнай пліце, якой гадоў 10, сталі дрэнна працаваць кнопкі, што відавочна трапляе пад вызначэнне натуральнага зносу.
Аднак ён яшчэ не даў аніводнага чэка. Думаю, у яго іх і няма, інакш бы ён даўно ўжо выслаў і мы б ужо закрылі гэтае пытанне. А так ён толькі піша вялікія лісты, і ўсё.
У маіх планах — не палохацца, а ісці да канца. Я маю намер звярнуцца ў суд і гатовы пасля расказаць пра вынікі, тым больш што ў мяне ўжо ёсць досвед развязання спраў у дасудовым парадку ў Польшчы. Такія рэчы — як чэлендж: хоць і стрэсова, але цікава.
Каментары