У Беларусі крыху змякчаць Крымінальны кодэкс і абароняць «былога прэзідэнта»
30 студзеня на пасяджэнні другой сесіі Савета Рэспублікі ўхвалілі законапраект «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці». Дакумент пераглядае адказнасць амаль па 100 артыкулах Крымінальнага кодэкса (КК) і Кодэкса аб адміністрацыйнай адказнасці (КаАП) Беларусі.
Згодна з законапраектам, больш за 70 складаў злачынстваў дапоўненыя такімі альтэрнатыўнымі відамі пакарання, як штраф, арышт, папраўчыя работы і абмежаванне волі. Сярод іх перагледжаныя 22 артыкулы, якія цяпер прадугледжваюць выключна адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі, паведамляе БелТА.
Законапраект прапануе не прымяняць пазбаўленне волі да наступных катэгорый грамадзян: жанчын і адзінокіх мужчын, якія выхоўваюць дзяцей да 14 гадоў або дзяцей-інвалідаў, а таксама непаўналетніх і інвалідаў I групы. Удакладняецца, што ў выпадку канчатковага зацвярджэння гэтага законапраекта гэтае правіла будзе застасавана, калі злачынства здзейснена ўпершыню і не звязана з замахам на жыццё і здароўе або «экстрэмізмам».
Пералік крымінальных злачынстваў, учыненых грамадзянамі Беларусі за мяжой, законапраектам дапоўнены злачынствамі «тэрарыстычнай» накіраванасці.
Па шэрагу эканамічных злачынстваў прадугледжваюцца больш мяккія пакаранні, а таксама ўнесеныя змены ў артыкулы, якія тычацца незаконнага абароту наркотыкаў. Так, адказнасць за незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў (арт.328 КК РБ) дапоўненая альтэрнатыўнымі відамі пакарання ў выглядзе арышту і абмежавання волі.
Законапраект прадугледжвае магчымасць разгляду судом магчымасць умоўна-датэрміновага вызвалення асуджанага ад адбыцця пакарання і замены неадбытай часткі пакарання больш мяккім пакараннем па хадайніцтве асуджанага або яго адваката.
Таксама мае з'явіцца новы артыкул у Крымінальным кодэксе:
арт. 366-1 «Гвалт або пагроза ў дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або прэзідэнта, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў».
Згадка пра «былога прэзідэнта» з'явіцца таксама ў артыкулах пра паклёп (арт. 367) і абразу (арт. 368) прэзідэнта.
Каментары
Занят этим с 2020 года, остальное фиолетово.